Размешчана на мяжы Кіраўскага і Быхаўскага р-наў Магілёўскай вобл., каля в. Чыгірынка, за 30 км на У ад г. Кіраўск. Створана ў 1960 плацінай на р. Друць (78 км ад вусця). Пл. 21,1 км², даўж. 17 км, найб.шыр. 2,4 км, найб.глыб. 8,1 м. Аб’ём вады 55,9 млн.м³. Катлавіна выцягнутая з Пн на Пд. Берагавая лінія даўж. 70 км нязначна парэзана дробнымі залівамі. Берагі ў прыплаціннай ч. абразійныя (37%), правы — высокі і месцамі стромкі, левы — нізкі і спадзісты. Дно — забалочаная пойма р. Друць — пераважна выслана торфам і заіленым пяском. 3 астравы (найб.пл. 0,37 км²). Сярэдні шматгадовы сцёк 817 млн.м³. Рэгуляванне сцёку сутачнае. Ч.в. моцнапраточнае, аб’ём воднай масы аднаўляецца на працягу 27 сут. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню вады 80—85 см. Замярзае ў пач.снеж., лёд (таўшчыня да 55 см) трымаецца да пач. красавіка. Зарастае пераважна ў паўн.ч. (трыснёг звычайны, чарот азёрны, маннік вадзяны, драсён земнаводны і інш.). Водзяцца лешч, шчупак, плотка, акунь. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт (Чыгірынская ГЭС), рэкрэацыі, заняткаў воднымі відамі спорту. Зона адпачынку Чыгірынка, лодачная станцыя, паляўніча-рыбалоўная база.